Сайт выкладчыкаў ёгі Б.К.С. Айенгара ў Беларусі

ЁГА АЙЕНГАРА Ў БЕЛАРУСІ

www.yogaby.org

0По-русски00 English

 

Што ёсць ёга Айенгара – гэта ёга бяз межаў....

Увага:

Адчыняецца новая зала ля ст. метро
Фрунзенская -
Кальварыйская, 4
yoga-tut.by

Працягваецца набор у групу для цяжарных жанчын кантактны тэлефон
v 3 256 219

пачаты набор у групы дзіцячай ёгі
На Прашпекце Незалежнасці,
ля метро
Трактарны з-д
і ў Бараўлянах


Айенгар-ёга. Міфы і рэальнасць.

Чалавек-легенда, вядомы аматарам ёгі ва ўсім свеце як Беллур Крычнамачар Сундарарадж Айенгар... У чым жа загадка яго папулярнасці? Ці толькі ў тым, што некалькі дзесяткаў гадоў таму ён быў асабістым інструктарам англійскай каралевы-маці? А можа ў тым што яго лічыў сваім настаўнікам сусветна вядомы музыка Іегудзі Менухін (дарэчы, родам з Беларусі)? Ці ў тым, што ён быў адным з першых настаўнікаў Індры Дэві? А можа ў тым, што больш за пяцьдзесят гадоў таму Айенгар уражваў Еўропу і Амерыку сваімі дэманстрацыямі? У паездках па краінах гэтых кантынентаў ён паказваў дзівосныя магчымасці чалавечага цела, адкрываючы для іх старажытную навуку Індыі – ёгу.

Калі займацца па школе Айенгара шмат гадоў, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сакрэт папулярнасці і даступнасці школы, стылю Айенгара, - у тым, што вучань з першага дня заняткаў, пад пільным кіраўніцтвам настаўніка, пры дапамозе яго дэталёвых тлумачэнняў, паглыбляецца ў падрабязнае асэнсоўванне кожнага, нават самага маленькага руху цела і ўсяго, што ў ім адбываецца. Важна ўсё: як ты ляжыш, як ты стаіш,- у прамым сэнсе,- з чаго ты складаешся... Наўрад ці недзе па-за гэтай школай з першых хвілін заняткаў з вамі будуць так карпатліва прапрацоўваць пазіцыі: становішча кожнага пальца, работу кожнай мышцы, спалучэнне ўсіх рухаў і шлях да цэласнасці асаны за кошт гармоніі фізічнага складальніка, работы ўвагі, дыхання, дэталёвага ўсведамлення ўсяго, што адбываецца.

 

А вось як сам Б.К.С. Айенгар тлумачыць сутнасць ягічнай позы: “Асаны – адзін з самых важных інструментаў ёгі. Іх карысць у тым, што яны будуюць сувязную лінію ад псіхічнага ўзроўню – да духоўнага. Вось чаму ёга называецца “сарваанга садхана”, альбо практыка цэласнасці. “Асана”- становішча цела ў разнастайных позах, з поўнай уцягнутасцю розуму і ўсяго “я”- у памкненні спалучыць свой унутраны і знешні сусветы (B.K.S. Iyengar. :”Iyengar yoga for beginners”, “Penguin group (UK)”, 2006).
Звычайна чалавек нараджаецца “правільным”, без скрыўленняў пазваночніка, сутуласці, асіметрыі. А з гадамі мы набываем дрэнную звычку горбіцца, сутуліцца, перакошвацца па дыяганалі, робімся асіметрычнымі. Але дзякуючы гэтым практыкаванням чалавек можа вярнуцца да першапачатковай сваёй сутнасці – правільнай постаці, маладой пругкай хады, правільнага становішча ў любой сітуацыі, бо ў ім абуджаецца “розум цела”, глыбокі інстынкт, які яшчэ называюць “шостае пачуццё”.

У адной са сваіх нядаўніх кніг Айенгар распавядае пра пачатак сваіх заняткаў ёгай: “Я літаральна ішоў ад цемры да святла, ад смяротнай хваробы да здароўя, з грубага невуцтва я паглыбляўся ў акіян ведаў... Сёння ў нас ёсць магчымасць вучыцца ў шматлікіх таленавітых настаўнікаў ёгі. Калі я пачынаў свае заняткі ёгай, то поруч са мной, нажаль, не было мудрага і добрага настаўніка. Мой гуру не жадаў адказваць на мае бязвінныя пытанні пра ёгу і не даваў мне такіх указанняў і настаўленняў, якія я сам даю сваім вучням, каб дапамагчы ім паступова і паслядоўна авалодваць кожным аспектам новых асан. Ён жа проста патрабаваў ад мяне, як і ад іншых сваіх вучняў, выканання асаны, і пакідаў нам самім разбірацца ва ўсіх яе тонкасцях...” (Б.К.С. Айенгар, “Прояснение жизни» (Фита, Сыктывкар, 2007 г).

З гэтых успамінаў чытачу робіцца зразумелай тая пабуджальная прычына стварэння знакамітай “айенгараўскай” тэхнікі, якая прынесла ў далейшым многім людзям здароўе, упэўненасць, гармонію. Раней жа ў ягічнай практыцы мінулых гадоў не існавала такой “шчыльнай апекі” вучня настаўнікам, якая б дапамагла пачаткоўцу ў ёзе паскорыць свой шлях пазнання, дазволіла пазбегнуць памылак, цяжкіх фізічных траўм (яны былі і ў Айенгара).
Вучняў прымушае шукаць Майстра і Школу – непераўзыдзены вопыт Майстра (шэраг усведамляемых прыёмаў, якія дазваляюць вучню пазбегнуць памылак, што дапускаў у свой час Майстар), гэта і дае магчымасць вучню значна караціць шлях да ўласных дасягненняў.

Аглядаючыся на многія сучасныя школы ёгі, мы бачым часамі даволі цікавых ачар’яў (заснавальнікаў школ), якія разам з тым ня маюць сваёй методыкі выкладання. Гэта значыць, самі яны часам могуць выконваць вельмі эфектныя позы, дэманструюць надзвычайныя магчымасці свайго цела, але ня ўмеюць навучыць вучняў таму, ЯК ім здолець рабіць тое самае бяз траўм і цяжкіх псіхічных выдаткаў. На такіх уроках мы бачым тое самае, пра што пісаў Айенгар: настаўнікі пад час выканання практыкаванняў абмяжаўваюцца толькі тым, што кажуць вучням: ”рабіце, як я”...
Школу Айенгара часам называюць “жорсткай”. Магчыма, з прычыны шчыльнай апёкі настаўніка, за жорсткія патрабаванні ўключыць у работу не толькі кожную мышцу, кожнае сухажылле, але і свядомасць, розум, інстынкт.
Але разам з тым пры выкананні практыкаванняў самое цела ёгіна не павінна
быць “жорсткім”, г.зн. перанапружаным,- чалавек працуе не толькі з мышцамі, але і са свядомасцю, інтылектам кожнай клеткі цела.

“Дзякуючы ёзе, чалавек ізноў знаходзіць пачуццё суцэльнасці ў сваім жыцці, пазбаўляецца ад адчування, нібыта ён увесь час спрабуе сабраць нешта разбітае на кавалкі. Ёга дазваляе яму паглыбіцца ва ўнутраны спакой, які не парушаецца бясконцымі стрэсамі і непрыемнасцямі штодзённага жыцця. Яна прыводзіць яго да такой свабоды, пра якую ён і марыць ня мог. Для ёга свабода значыць нясхільнасць да ўздзеяння дваістасці і процілегласцей жыцця, яе пад’ёмаў і спадаў, прыемнасцяў і пакутаў. Яна значыць для яго непарушнасць і спакой, і, у канчатковым выніку – паглыбленне ў ціхамірны асяродак сваёй сутнасці, якая ніколі не страчвае сваёй сувязі з вечнай і нязменнай бясконцасцю”,- піша Майстар у сваёй кнізе “ Праясненне жыцця”.

...І па гэты дзень, ужо ў 21 стагоддзі, Айенгар – адзін з самых папулярных майстроў ёгі. У яго школу ў Пуне з’язджаюцца настаўнікі ёгі са ўсяго свету. Часамі праз расчыненыя вароты на панадворак яго школы заязджае ўрадавая машына якога-небудзь высокапастаўленага мясцовага чыноўніка, які таксама ня супраць падумаць і пра сваё здароўе...
А ў самой жа Індыі ў пачатку мінулага стагоддзя, калі Айенгар толькі пачынаў свой шлях у ёзе,- яму даводзілася сустракацца з насмешкамі і неразуменнем.
Ёгіны ў той час – гэта былі напаўманахі (саньясі), напаўжабракі (садху), якія жылі анахарэтам альбо бадзяліся па дарогах з паўміскам для міласціны. Жыць у грамадзе (тым больш, калі ты належыш да вышэйшай касты), дый займацца ягічнымі практыкамі, да таго ж навучаць ім усіх, хто навокал... у пачатку мінулага стагоддзя было неверагодна складана. Калі не казаць пра тое, што з дапамогай такой дзіўнай прафесіі патрэбна было яшчэ і дастаткова зарабляць на ўтрыманне сям’і. Ці ўсведамляюць сучасныя настаўнікі ёгі, дзякуючы чаму (і каму) гэтая прафесія стала такой жа папулярнай і паважанай у грамадстве, як і ўсялякая іншая?

Іншы раз можна пачуць папрокі ў адрас Айенгара, што ён залішне "матэрыяліст”, які засяродзіў усе свае высілкі толькі на рабоце цела. У той жа час як методыкі майстра прымушаюць уключыць усю палітру адчуванняў, усведамленняў цела ў дадзены момант (інакш не зможаш выканаць складаныя асаны, дзе патрэбная не тупая сіла, а менавіта тонкая работа інтэлекту). І ці не з’яўляецца адной з мэтаў ёгі – як раз гэтае спалучэнне тваёй матэрыі і твайго духу (розуму, свядомасці)?
“Паколькі большасць сучасных людзей аддзяляе свой розум ад цела і выганяе душу са свайго штодзённага жыцця, яны забываюцца, што дабрабыт кожнага з трох – цела, розуму і духу – знаходзіцца ў залежнасці ад дабрабыту астатніх складальнікаў, бо яны цесна звязаныя адзін з адным, як пераплеценыя валокны нашых мышцаў” (Б.К.С. Айенгар, «Прояснение жизни». Фита, Сыктывкар, 2007г).

Сам Айенгар яшчэ шмат гадоў таму, у пачатку сваёй выкладчыцкай кар’еры, казаў: “Не называйце мяне гуру. Які я гуру? Я – звычайны настаўнік ёгі”. Зараз, на семінары ў Маскве, мы пачулі зусім іншае. “Які я настаўнік? Я сам – вучань на гэтай зямлі, як і кожны з нас...”.

Любоў Філімонава

 

 
 

Пачатак старонкі